Клапоцімся аб Вашым здароўi. Думаем пра будучыню.

Нашы людзі


За лекамі да Пятра Карабейніка
(АПТЭКА №286 Г.МЯДЗЕЛ)
     Пётр Якаўлевіч Карабейнік, калі ў 1960 годзе прыехаў паступаць у Віцебскі медыцынскі інстытут, не разумеў: кім жа ён хоча стаць? На лячэбны факультэт ісці перадумаў (пасля падачы дакументаў “пашчасціла” наведацца ў анатамічны музей, дзе ўчарашні школьнік ледзь не страціў прытомнасць). Здзіўлены рашэннем абітурыента, дэкан прапанаваў хлопцу паступаць на нядаўна ўтвораны фармацэўтычны факультэт.
— Не разумею сэнсу гэтага слова, — узгадвае сваю размову з Дзмітрыем Андрэевічам Маслаковым, які потым больш за трыццаць гадоў узначальваў Гродзенскі медінстытут, Пётр Якаўлевіч.
— Будзеш работнікам аптэкі ці інжынерам на заводзе медпрэпаратаў, — даходліва растлумачыў той.
— А-а, інжынерам? Тады, напэўна, падыдзе!
Так што выбар прафесіі ў Пятра Якаўлевіча — правізара з пяцідзесяцігадовым стажам — справа выпадку. Тым больш, што пасля школы ён хацеў стаць… журналістам.
Тлумачыць:
— Па-першае: у школе мне лягчэй даваліся гуманітарныя прадметы. А па-другое: у мяне ўжо было некалькі публікацый у раённай газеце і нават у абласной. Таму і падаў дакументы на факультэт журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Але якраз у той год для паступлення патрабаваўся працоўны стаж не меншы за тры гады. Лічылася, перш, чым стаць журналістам, трэба хоць крыху ведаць жыццё. Давялося шукаць іншыя варыянты. Паступаць жа ў Віцебскі медінстытут падбухторыў стрыечны брат, які ўжо на той час закончыў яго першы курс. Ён, дарэчы, і завёў мяне непадрыхтаванага ў той анатамічны музей. Паступаць было, можна сказаць, лёгка — дзеці вайны, конкурс не высокі. Памятаю, што з усяго патоку сачыненне на выдатна напісаў адзін чалавек, яшчэ некалькі — на чацвёрку у тым ліку і я, астатнія — тройкі, двойкі. Гэта таксама дапамагло.
     Хто такія “дзеці вайны”? Менавіта да гэтай катэгорыі адносіцца і Пётр Якаўлевіч, які нарадзіўся ў лютым 1943 года ў вёсцы Новікі Сваткаўскага сельсавета. А 26 верасня таго ж года вёску акружыў атрад нямецкіх карнікаў. Маладзейшых і дзяцей адабралі, каб потым адправіць на работы ў Германію, а старых і нямоглых расстралялі і спалілі ў хляве. 45 чалавек. Як вядома, вёска згарэла поўнасцю. У гэтым страшным полымі загінулі бабуля Пятра Якаўлевіча па матчынай лініі і дзядуля — па бацькавай. Другі дзядуля, Сямён Якаўлевіч Чарняўскі, схаваўшыся пад печчу, абгарэў, але выжыў. Яшчэ хлапчуком Пётр Якаўлевіч на ўсё жыццё запомніў гэту сямейную гісторыю. Як і тую, дзе другая яго бабуля Соф’я вырашыла ісці пад канвоем у Сваткі разам з яго матуляй і з ім дзевя¬цімесячным на руках. Уцякла адтуль і таксама выратавала іх ад адпраўкі на прымусовыя работы. Думалі, што вернуцца ў вёску, а прыйшлі на папялішча. Але свет не без добрых людзей: зімавалі на хутары каля Пількаўшчыны ў каваля Васіля Бабровіча.
Самым дзіўным, па меркаванні Пятра Якаўлевіча, з’яўляецца тое, што вёска пасля вайны поўнасцю аднавілася, паўстала з попелу, напоўнілася дзіцячымі галасамі. Дзякуючы мужнасці, адвазе, працавітасці вяскоўцаў дзеці выраслі, атрымалі адукацыю, выйшлі ў людзі. Павага да землякоў і зараз жыве ў душы “дзіцяці вайны”.
З цеплынёй успамінае Пётр Карабейнік свайго класнага кіраўніка Барыса Сцяпанавіча Пестуна — настаўніка матэматыкі і майстра жывапісу, які выхоўваў у вучняў пачуццё прыгажосці. Таксама яго жонку Вольгу Іванаўну, якая, акрамя замежнай мовы, з натхненнем займалася харавым мастацтвам і з дарослымі, і з дзецьмі.
     Пётр Якаўлевіч лічыць вельмі важным успомніць свайго дзядзьку Кірыла, які ўдзельнічаў у вайне з першага яе дня і да апошняга. Служыць яго прызвалі ў 1939 годзе. У вайну прайшоў ад Брэста да Валгаграда, а Перамогу сустрэў у Кёнігсбергу ў званні “старшына”. Шэсць разоў быў паранены, меў узнагароды. Ён, дарэчы, разам з Максімам Танкам да 1939 года дзейнічаў у савецкім падполлі, пра яго знакаміты зямляк нават узгадвае ў сваіх дзённіках (Пётр Якаўлевіч паказаў томік са збору твораў паэта). А сярод аднакласнікаў майго суразмоўцы ёсць адзін, якога ён таксама называе паэтам. Гэта Фёдар Глінскі, верш якога “Апошняе вяртанне” (на смерць Максіма Танка) друкавала “Нарачанка”. Аўтар не мае той шырокай вядомасці, якой дасягнулі яго землякі Максім Танк і Іосіф Скурко, але Пётр Якаўлевіч лічыць Глінскага трэцім паэтам, якіх аб’ядноўвае адно месца нараджэння.
     Атрымаўшы прафесію, малады спецыяліст па размеркаванні павінен быў ехаць у Лагойск. Аднак падчас размовы з начальнікам абласнога аптэчнага ўпраўлення Вацлавам Каласоўскім паступае прапанова папрацаваць загадчыкам аптэкі № 143 у Княгініне. Факт, што гэта побач з домам, стаў рашаючым. У чэрвені 1965 года малады спецыяліст узначаліў аптэку. А Вацлаў Станіслававіч на доўгія гады стаў для Пятра Якаўлевіча галоўным дарадчыкам, накіроўваў і падтрымліваў у далейшай рабоце. Падтрымка, канечне, лішняй не была. Вось як пра сваё першае працоўнае месца расказвае сам Пётр Якаўлевіч:
— Тады практычна ўсе аптэкі былі вытворчыя. Не хапала заводскіх прэпаратаў, таму даводзілася часта “круціць” парашкі, гатаваць мікстуры і для наведвальнікаў аптэкі, і для патрэб мясцовай бальніцы на 35 ложкаў. Цяпер гэта нонсэнс, а раней нават ін’екцыйныя стэрыльныя растворы гатавалі. Праз два дні як уладкаваўся, прыйшла да мяне старшая медсястра з бальніцы за такім растворам. У мяне ў наяўнасці для яго стварэння — дапатопны апарат на дрывах. Думаю, не, так справы не пойдуць, і заказаў у Маладзечне на базе медпрэпаратаў электрычны апарат. Але ён працаваў пры ўмове наяўнасці водаправода, якога ў маёй аптэцы, вядомая справа, не было. Знайшоў мясцовага ўмельца, ён падключыў апарат да ёмістасці, у якую санітарка вёдрамі налівала ваду. У выніку дыстыляваную ваду атрымалі, і я поўнасцю забяспечваў бальніцу стэрыльнымі растворамі. Была яшчэ адна праблема. Планавы завоз медыкаментаў — раз у месяц. Не хапала. Хутка зразумеў, што для найбольш поўнага забеспячэння медыкаментамі бальніцы і насельніцтва патрэбны пазапланавыя завозы. Дык дамовіўся з галоўным урачом бальніцы, і той даваў службовы, як зараз памятаю, “гарбаты запарожац” для паездак на базу ў Маладзечна. І ў далейшай сваёй дзейнасці імкнуўся цесна супрацоўнічаць з бальніцамі.
     Так было і ў Нарацкай аптэцы, якую Пётр Якаўлевіч узначальваў каля дванаццаці гадоў.
— Умовы працы на новым месцы аказаліся лепшымі, — узгадвае ён далей. — Да таго ж нас было некалькі чалавек, а галоўны ўрач бальніцы Віктар Каліноўскі на просьбу выдзеліць для паездак на базу за медпрэпаратамі аўтамабіль сказаў: “На наш век жалеза хопіць!”. Усе былі зацікаўлены ў асартыменце лекавых прэпаратаў, да нас нават з бліжэйшых вёсак Пастаўшчыны прыяз¬джалі. Аптэка ўяўляла сабой фінскі домік без вады з пячным ацяпленнем. Таму з часам прыняў рашэнне падвесці сюды ваду, падключыцца да цеплатрасы баль¬ніцы, а заадно пашырыць аптэку, зрабіўшы прыбудову. Усё атрымалася.
     Заставалася толькі Пятру Якаўлевічу вызначыцца з асабістым жыццём. А то ўжо было за трыццаць — а ні жонкі, ні свайго жылля. Дарэчы, гаспадароў з вёскі Нарач, у якіх ён здымаў пакой, і сёння ўспамінае добрым словам. “Яны да мяне як да сына адносіліся”, — кажа мой суразмоўца. І імёны іх трымае ў памяці: Адольф Іванавіч і Валянціна Людвігаўна Вярэнькі.
Так удала склаліся абставіны, што Пятру Якаўлевічу прапанавалі ведамаснае жыллё (новы дом у Мядзеле). Да гэтага моманту ён ужо і ажаніцца паспеў. Паездзіў яшчэ некалькі гадоў у Нарач, а як прапанавалі ўзначаліць цэнтральную раённую аптэку — згадзіўся. Гэта быў 1983 год. А праз два гады аптэка спраўляла наваселле (перад гэтым, калі хто не ведае, яна месцілася ў старым будынку, дзе зараз гаражы райвыканкама). Новае памяшканне прынесла многа радасці.
     Цяжар адказнасці за аптэчную сістэму раёна Пётр Якаўлевіч нёс каля пятнаццаці год. А незадоўга да выхаду на пенсію пост “здаў” сваёй намесніцы Алене Захарэвіч, як маладзейшай, ініцыятыўнай і больш энергічнай. На заслужаным адпачынку не стаў сядзець, як кажуць, склаўшы рукі. Крыху папрацаваў у Мінску на фармацэўтычным складзе, нават вартаўніком сябе паспрабаваў. А як з’явілася вакансія ў адной з аптэк раёна, вярнуўся зноў у сваю знаёмую сферу.
     Сёння спецыялicт са значным стажам ведае, што яго прафесія патрабуе дабрыні, цярпення, добразычлівых адносін да кліентаў, бясспрэчнага выканання патрабаванняў інструкцый і розных дакументаў, якія рэгламентуюць фармацэўтычную дзейнасць. Гэтых прынцыпаў ён стараўся прытрымлівацца ўсё жыццё, з павагай адносячыся да калег, урачоў і ўсіх, з кім даводзілася па роду дзейнасці сутыкацца ў жыцці. За гады работы Пятра Якаўлевіча вырасла больш за два пакаленні людзей, і ён спадзяецца, што ў справе захавання іх здароўя ёсць і яго ўклад. Імкліва ідзе прагрэс у медыцыне, фармакалогіі. Вучоныя абяцаюць, што працягласць жыцця наступных пакаленняў павялічыцца, а яго якасць нават у пажылым узросце будзе лепшай. Пётр Якаўлевіч у гэта верыць.
 DSC_8722-2.jpg
Снимок.JPG2.JPG
                                    На фотографии: верхний ряд, третий слева.

Загадчык 
ЦРА №131 Е.К.Захарэвіч

Усе правы абаронены РУП "Мінская Фармацыя" 2013-2018 Капіяванне матэрыялу толькі з дазволу адміністрацыі сайта